Главная » 2015 » Декабрь » 21 » Памідораў і Trubetskoy зрабілі рок-вэрсію «Цуда на Каляды».
23:35
Памідораў і Trubetskoy зрабілі рок-вэрсію «Цуда на Каляды».

Знакамітая рэп-калядка ў новым прачытаньні адкрывае праект «Новае пакаленьне на Новы год».

Паводле задумы навагодняга праекту, дуэты мусілі складаць малады і сталы выканаўца. Памідораў і Trubetskoyгэтага правіла не парушылі, проста яны ўзялі на сябе адказнасьць як за папярэдняе, так і за новае пакаленьне і зрабілі рок-вэрсію гіта «Цуд на Каляды». Запісаная для праекту «Сьвяты вечар» у 2000-м, яна трывала ўвайшла ў лік самых пазнавальных беларускіх зімовых песень. «Нам гэта песьня заўсёды падабалася, нікому яшчэ не ўдавалася так арганічна чытаць “рагамафін” на мове, як тое робіць Памідораў у гэтым трэку! А Памідораву ў сваю чаргу падабаецца музыка нашага гурта.Таму мы з радасьцю адгукнуліся на ідэю зрабіць яе сумесна», – распавядае вакаліст гурта Trubetskoy Павал Булатнікаў.

«Фармальна Trubetskoy у нашым дуэце выступае ў якасці маладога гурта, а я за сталага выканаўцу, хоць мы здаўна разам расьлі,вучыліся, бавілі час і выступалі на адных пляцоўках , – распавядае Аляксандр Памідораў. – Для мяне былі сапраўдным сьвятам гэтыя тры дні, якія мы правялі разам за працаю – два дні рэпетыцый і адзін дзень запісу. І я вельмі ўдзячны Паўлу Булатнікаву, Руслану Ўладыку, Аляксандру Старажуку і Алесю-Францішку Мышкевічу за тую вэрсію песьні, якая была створаная. Яна разбурыла ўсталяваны ўжо канон, загучаўшы інакш, і я вельмі задаволены тым, як яна атрымалася».

Песьня «Цуд на Каляды» была запісаная ўжывую для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Відэавэрсію гэтага праекту можна будзе ўбачыць у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат». А да гэтага на сайтах Tuzin.fm i Belsat.eu штодня вас чакае аўдыёпрэм’ера песень. Сьпяваем разам!

Просмотров: 366 | Добавил: ivan | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0